Compote Wallonne
Сэзон з апельсінам і грушай.
Прайшоў некаторы час з вынаходкі жонкай фермера рэцэпту Валонскага Супа, а фермеру зноў няма пакою. Піва Сэзон (яно ж вадкі хлеб) ёсць, Суп ужо таксама ёсць, а кампот?! Які ж фермерскі абед ды без кампоту?! Кампот яму, бачыце, падавай. Ды штож зробіш? Жаданне карміцеля - закон. Хаця на гэты раз жонка ўжо не доўга думала. Будзе табе, мужанёк. кампот! Пайшла жонка ў сад, назбірала духмяных грушак. Улезла ў склеп, дастала са скрыні сакавітыя апельсінкі, якія нядаўна прыбылі з Кот-д’Івуара. Ну і зварыла фруктовы сэзон, духмяны і смачны. Які тут жа падгледзелі для сваіх мужоў аднавяскоўкі і назвалі яго Валонскім кампотам. Дарэчы, у тыя часы было прынята кампот ужываць з міскі лыжкай.
Замутнены памяранцава-аранжавы колер. Устойлівая, ажурная белая пена.
У характэрным саладкавата-рэзкім водары цытрусы, груша, кветкавыя і перачныя ноты.
У гусце садавінавая слодыч з адценнямі дзюшэса і апельсіна, перачная вастрынка і далікатная кветкава-хмелевая гарчынка ў плыўным фінішы, злёгку парфумерна-даўкае пасмакоўе.